Сям’я Верамеенкаў: Падтрымліваем Вітольда Ашурка за кратамі



Амаль тры месяцы за кратамі знаходзіцца палітвязень, сябра Сойму БНФ з Бярозаўкі Вітольд Ашурак.

Гарадзенская сям’я Верамеенкаў з крамы „Адметнасць” лістуюцца з ім амаль штотыдзень.

Распавядае Вольга Верамеенка:

– Для мяне Ашурак як сімвал. Я не ведаю, у мяне такая сувязь духоўная. Я яго вельмі паважаю. Гэта вельмі моцны, мужны чалавек, які варты прыкладу. Такія адчуванні, што гэта нібыта вельмі блізкі табе чалавек, які зараз за кратамі, літаральна праз дарогу. Хочацца яго падтрымаць хоць у чымсьці, нейкім цёплым словам, якой-небудзь навіной, лістом ці паштоўкай – гэтае тое, што мы зможам.

На думку Сяргея Верамеенкі, Вітольд Ашурак вельмі моцны чалавек:

– З Вітольдам я першапачаткова пазнаёміўся як за палітычным і грамадскім актывістам. І, канешне, на гэтай глебе ў нас распачалося сяброўства, шчырае, сапраўднае, чалавечае сяброўства. Для мяне гэта чалавек, які за краіну, за нашу Беларусь не шкадуе свайго здароўя, і нават, я думаю, калі трэба і жыцця не пашкадуе. Але хацелася, канешне, каб такія людзі, як Вітольд, ахвяравалі толькі сваім вольным часам.

Улады інкрымінуюць  Вітольду Ашурку артыкул 342 Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя  і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.  Яго затрымалі ў Лідзе падчас мірнай вулічнай акцыі, а пасля дзвюх тэрмінаў па 15 сутак яго не выпусцілі з-за кратаў і актывіст цяпер знаходзіцца ў гарадзенскай турме.

Беларускае Радыё Рацыя