Сям’я загінулага на вытворчасці атрымае кампенсацыю
У судзе Баранавіцкага раёна разгледжана грамадзянская справа аб кампенсацыі маральнай шкоды сям’і загінулага ў ліпені на вытворчасці 55-гадовага каменшчыка Генадзя Гардзейчыка. Па словах прараба, Гардзейчык самавольна пайшоў працаваць на дах і ўпаў у вентыляцыйны люк.
Родныя не вераць версіі начальніка. Загінулы 32 гады прапрацаваў на птушкафабрыцы “Дружба” без аніводнага спагнання. Без дазволу начальніка ён ніколі нічога не рабіў, кажа сын Віктар:
– Ён ведаў, што там шахты зверху знаходзяцца. І каб проста пайсці туды і ведаць, што правалішся, я не ўяўляю. Па нашых версіях, падзенне было з лясоў, або праваліўся нейкі шчыт ці яму стала кепска і ён упаў.
Паводле прававога інспектара прафсаюза РЭП Уладзіміра Малея, дзяржаўны інспектар Баранавіцкай інспекцыі працы спадарыня Данілава, даследуючы гэтую справу, не звярнула ўвагі на тое, што загінулы меў захворванні, якія не дазвалялі працаваць на вышыні:
– Наймальнік паслаў яго працаваць, не праверыўшы ягоную прыгоднасць да працы на вышыні. Гэта ёсць грубейшае парушэнне.
Нягледзячы на ўпартае непрызнанне юрыстам фабрыкі віны кіраўніцтва ў гібелі рабочага, суд прысудзіў выплаціць маральную шкоду ў суме 2,5 тысячы рублёў кожнаму члену сям’і.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя