Сям’я журналістаў з Берасця была вымушаная выехаць з краіны
Вымушаная эміграцыя: матывацыя розная. Сям’я беларускіх журналістаў з Берасця была вымушаная выехаць з краіны.
Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава разам з іх 13-гадовай дачкой паехалі ў адпачынак, але назад у Беларусь вярнуцца ўжо не змаглі. Па месцы рэгістрацыі журналістаў, а таксама на кватэрах іх сваякоў прайшлі вобшукі. Яны сталі фігурантамі крымінальнай справы. Падрабязнасцяў ня шмат, але факт застаецца фактам, кажа Мілана Харытонава:
– Пазней, калі ў нас прайшлі ператрусы з ГУБАЗіКа, была заведзена крымінальная справа. Невядома ў якім мы статусе знаходзіліся. Мы пачалі думаць пра тое, вяртацца ці не вяртацца. У той жа час пайшла такая атака па БТ рэгіянальным – „Беларусь 4”. Пайшлі сюжэты пра нас доўгія, разгорнутыя. Мы зразумелі, што нас вінавацяць не проста ў працы без акрэдытацыі ці чымсьці такім, а ўжо ў каардынацыі пратэстаў.
Прытым, ужо дадае Алесь Ляўчук, доказы абвінавачання абсурдныя. Іх паказалі па дзяржтэлебачанні і відавочна такі падыход маюць следчыя органы:
– Напісаў пра гэтую журналістку, прозвішча Войцюх, якая палявала на нас, палявала на іншых людзей. Спытаў, што яна робіць. Яна пасля прызналася, што яна з пракуратурай і Следчым камітэтам адна каманда, яна ганарыцца гэтым. Яна назвала мяне каардынатарам пратэстаў. Былі такія кадры, што я стаю і размаўляю з людзьмі, а потым кудысьці паказваю рукой, калона пайшла. Гэта значыць, што даказана, што я каардынатар.
Улады далей працягваюць пагражаць. Тэлефанавала дырэктарка сярэдняй школы нумар 10 Берасця Алена Старык і пачала вінаваціць журналістаў, што яны вывезлі дзіцё ў невядомым кірунку і пазбавілі дачку права на адукацыю. Як паведамляе Алесь Ляўчук, чыноўніца пагражала, што яны падаюць у вышук і ставяць сям’ю ў СНС (сацыяльна небяспечнае становішча), маўляў, калі яны збіраліся зʼязджаць, то мусілі прынесці ўсе неабходныя дакументы.
Беларускае Радыё Рацыя