Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне
Зняволены ў расейскай калоніі ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў адмовіўся прасіць Пуціна пра памілаванне. Пра гэта 22 чэрвеня „Интерфаксу” паведаміў адвакат палітычнага зняволенага Дзмітрый Дынзе.
Адвакат падкрэсліў, што Сянцоў прынцыпова супраць памілавання.
Рэжысёр быў прыгавораны ў Расейскай Федэрацыі ажно да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расейскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі і кіраўніцтве ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаванні і незаконным захаванні агнястрэльнай зброі і боезапасаў, дзвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракта.
Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў.
14 траўня 2018 года рэжысёр абвесціў бестэрміновую галадоўку ў калоніі горада Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзняволеных, але сябе ў гэты спіс не ўключыў.
19 чэрвеня расейскія дзеячы мастацтва звярнуліся да Пуціна з просьбай памілаваць Сянцова. Пад зваротам падпісалася 12 чалавек, у тым ліку рэжысёры Андрэй Звягінцаў, Павел Лунгін, Аляксандр Сакураў, Валерый Тадароўскі, Аляксей Учыцель, журналісты Уладзімір Познер і Ксенія Сабчак, акторка Чулпан Хаматава, мастак-мультыплікатар Юрый Нарштэйн.
Спікер Крамлю Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Сянцоў сам павінен ініцыяваць вырашэнне пытання пра сваё памілаванне.
20 чэрвеня генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Ягланд заявіў, што гатовы падаць прашэнне пра памілаванне Сянцова.
21 чэрвеня ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава паведаміла, што ў Сянцова праблемы з сэрцам і ныркамі. Ён схуднеў на 13 кілаграмаў, але спыняць галадоўку адмаўляецца.
Беларускае Радыё Рацыя