Сярэднестатыстычны беларус за жыццё глядзіць тэлевізар 5,8 года



Сярэднестатыстычны беларус за сваё жыццё спіць 26,6 года, прымае ежу 3,9 года, гатуе ежу 2,5 года, глядзіць тэлевізар 5,8 года, чытае мастацкую літаратуру ўсяго толькі 5 месяцаў (пры сярэдняй працягласці жыцця беларусаў 73,2 года).

Такія дадзеныя агучыла начальнік упраўлення статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследаванняў дамашніх гаспадарак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Канашонак на пасяджэнні круглага стала на тэму «Выкарыстанне сутачнага фонду часу насельніцтвам Рэспублікі Беларусь», паведамляе БелТА.

Іна Канашонак адзначыла, што беларусы спяць больш, чым амерыканцы (25 гадоў) і англічане (26 гадоў). Амерыканцы больш часу трацяць на прагляд тэлеперадач (9 гадоў), а ў англічан больш часу ідзе на харчаванне (4,3 года), чым у беларусаў.

На круглым стале адбылася прэзентацыя вынікаў выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак, праведзенага Белстатам у 2015 годзе пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА). У абследаванні прынялі ўдзел 6 тыс. дамашніх гаспадарак (11 тыс. чалавек), якія пражываюць ва ўсіх абласцях і Мінску. Вынікі абследавання далі магчымасць атрымаць дэталізаваны партрэт сацыяльных паводзін мужчын і жанчын, дарослых і дзяцей, гараджан і вяскоўцаў, вывучыць арыентацыі і матывацыі правядзення часу па асобных групах насельніцтва і тыпах дамашніх гаспадарак.