Сяргей Антончык: Людзей як ваўкоў гоняць па сцяжках



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета і вядомы прафсаюзны актывіст Сяргей Антончык выказаўся з нагоды таго, ці запатрабаваны сёння ў грамадстве акцыі пратэсту.

Як вядома, прынятая ў гэтым годзе пастанова Савета міністраў рэгламентуе пры правядзенні акцый (нават санкцыянаваных) аплату паслуг міліцыі, і за гэта трэба заплаціць некалькі тысяч даляраў. Можа быць, варта наогул адмовіцца ад правядзення мерапрыемстваў такога кшталту, калі яны не вельмі запатрабаваныя ў грамадстве?

Сяргей Антончык: Найперш трэба сказаць, што ўведзеная норма – гэта парушэнне Канстытуцыі Беларусі. У такой тактыцы ўладаў нічога новага няма, але зроблена ўсё, як кажуць, праз калена.

Дзяржава не можа і не павінна вырашаць за чалавека, ці мае ён права выказацца. Гэта – канстытуцыйнае права чалавека, якое нават не абмяркоўваецца, бо свабода выказванняў і права на мірныя сходы замацаваны законам, і яны як паветра. Мы ж не можам абмяркоўваць пытанне: дыхаць нам альбо не дыхаць.

РР: У прыбалтыйскіх краінах, у Польшчы альбо Укріане няма нормы, згодна з якой за мірныя сходы трэба яшчэ і плаціць.

Сяргей Антончык: Там іншыя людзі пры ўладзе, і краіны абралі іншы шлях развіцця. Але нельга маўчаць, грамадства павінна заяўляць пра свае правы. Падчас пражскіх падзей на вуліцу выходзілі па 5-7 чалавек і гэта было значна мацней, чым прыстасоўвацца да таго, што прапануе ўлада.

Сёння людзей як ваўкоў гоняць па сцяжках, ствараюць такія законы, каб усё менш і менш правоў было ў чалавека. І чым больш чалавек будзе прыстасоўвацца да сітуацыі, тым больш яму будуць садзіцца на галаву. Але якім чынам дзейнічаць – няхай кожны вырашае сам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Радыё