Сяргей Антончык: Наш народ прызвычайваецца да ўсяго



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета і прафсаюзны актывіст Сяргей Антончык патлумачыў, чаму сёлета не будзе актыўных пратэстаў з боку “дармаедаў”.

Нагадаем, што тыя, хто падпадае пад дэкрэт «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», гарачае вадазабеспячэнне пачалі аплочваць па поўных тарыфах з 1 студзеня 2019 года.

З 1 кастрычніка па поўных тарыфах ужо трэба было плаціць за ацяпленне і газ, але тэрмін аплаты ўлады вырашылі перанесці на 1 мая 2020 года.

Сяргей Антончык: Я думаю, што зараз не будзе такіх пратэстаў, якія мы бачылі два гады таму, калі пачаў дзейнічаць Дэкрэт №3. Сістэма, якая працуе на тое, каб падавіць любыя пратэстныя настроі, існуе і, што называецца, не спіць у шапку.

Да таго ж, пратэстная псіхалогія мае такую прыроду: яна назапашваецца, пасля гэтую энергію прарывае, а затым патрэбен час, каб яна ізноў дасягнула нейкай крытычнай масы. І зараз не той момант, калі грамадства дайшло да гэтай крытычнай кропкі.

РР: Незалежныя прафсаюзы адзначаюць незаконнасць дэкрэта…

Сяргей Антончык: Згодзен, бо дакумент не адпавядае нормам Канстытуцыі, што даказана і юрыстамі, і прававедамі. Але, як бачым, зараз дзяржава вырашыла не адразу заскокваць на шыю тым, хто не працуе, а караскаецца паступова.

Спачатку дзейнасць дэкрэта была прыпынена, затым увялі для незанятых у эканоміцы поўныя тарыфы на гарачую ваду, зараз – на газ і ацяпленне. Наш народ, як бачым, прызвычайваецца да ўсяго. Хаця, паўтаруся, гэта асабістае права чалавека – працаваць альбо не працаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Новы Час