Сяргей Антончык: Навошта прафсаюз, які будзе змагацца за неіснуючыя правы?



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык прагназуе, ці прымусяць прыватныя кампаніі стварыць прафсаюзы.

Не так даўно кіраўнік Беларусі заявіў, што калі прыватны бізнэс не хоча ствараць у сябе прафсаюзныя ячэйкі, то “трэба іх прымусіць”. Магчыма, будзе распрацаваны ўказ аб стварэнні на прыватных прадпрыемствах першасных прафсаюзных арганізацый.

Сяргей Антончык: Калі б у Беларусі прафсаюзы насамрэч выконвалі ўскладзеныя на іх абавязкі, то краіна была б зусім іншая. Але ў нас афіцыйныя прафсаюзы – гэта савецкі атавізм, які заўжды залежыў ад улады і рабіў тое, што загадаюць. Таму можна колькі заўгодна расказваць пра ролю прафсаюзаў у абароне працоўных, але ўсе мы ведаем, чаго гэты клопат варты.

Таму цяжка нават каментаваць той факт, што дзяржава прымусіць прыватны бізнэс ствараць у сябе прафсаюзныя ячэйкі. Акрамя дэмагогіі я тут больш нічога не бачу. У гэтай сітуацыі ўсё перавярнулі з ног на галаву.

РР: Але прымушаць прыватнікаў ствараць прафсаюзы – гэта, напэўна, і парушэнне Канстытуцыі…

Сяргей Антончык: Безумоўна, але ці шмат у нас улады кіруюцца Асноўным законам? Ды і іншыя законы такія, як быццам іх пісалі не для людзей. Не так даўно было прынята проста вар’яцкае Працоўнае заканадаўства ў адносінах да людзей працы. І на фоне гэтага прапануецца стварэнне прафсаюзаў.

Адным словам, з аднаго боку прымаецца заканадаўства, якое практычна робіць з людзей рабоў, а з іншага боку гучаць заявы пра неабходнасць у стварэнні прафсаюзаў, якія б баранілі працоўнах. Гэта нейкі тэатр абсурду!

РР: Ці пойдуць прыватныя кампаніі на стварэнне прафсаюзаў?

Сяргей Антончык: Калі загадаюць, то зробяць. Утвораць прафсаюз з 2-3 чалавек, але папраўкі ў Працоўны кодэкс, якія былі ўнесены, зводзяць на “не” працу любых прафсаюзаў, таму што немагчыма будзе ні страйк аб’явіць, ні выступіць з патрабаваннямі. Навошта тады такая структура, якая будзе змагацца за неіснуючыя правы? Вось у гэтым і палягае дэмагогія.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя