Сяргей Антончык: Рабочыя будуць маўчаць…



Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі Сяргей Антончык распавядае, чаму сёння рабочыя, якія знаходзяцца ў складаным становішчы, не падаюць голас.

З-за крызісу многія беларускія прадпрыемствы (у тым ліку і прамысловыя гіганты) часова спыняюць працу, а работнікаў адпраўляюць па дамах. Чаму ў такой сітуацыі рабочыя ціха маўчаць?

Сяргей Антончык: Зараз сітуацыя поўнасцю адрозніваецца ад 1991 года, таму што зусім іншыя ўмовы. Па-першае, кантрактная сістэма звязвае чалавека па руках і нагах, ён баіцца згубіць працу. Па-другое, доўгі час грамадства (і рабочыя ў тым ліку) жывуць пад ціскам і страхам. Акрамя таго, каб людзі выступалі з пратэстам і абаранялі свае правы, трэба, каб у грамадстве была магчымасць для гэтага.

РР: Як гэта адбывалася ў 1990-1991 гадах?

Сяргей Антончык: Так, тады вельмі моцна аслабла цэнтралізаваная ўлада. Людзі распаўсюджвалі інфармацыю паміж сабой, не баяліся выказваць свае думкі, не баяліся задаваць пытанне… Нічога такога сёння ў Беларусі няма. Да таго ж, ва ўлады ёсць магчымасць падтрымліваць сацыяльны кантракт з людзьмі. Ёсць крэдыты, маніпуляцыя сродкамі і гэдак далей. Пакуль людзі яшчэ не бедныя, а крамы забітыя таварамі пад завязку. Гэта ж не былыя часы, калі паліцы былі пустыя… Але хацеў бы сказаць, што яшчэ стрымлівае людзей – гэта ўкраінскія падзеі. Народ бачыў, чым закончыўся Майдан у Кіеве. А закончылася справа тым, што расейскі імперскі воўк напаў на аслабленую дзяржаву. І зараз гэта таксама вельмі сур’ёзная праблема, таму што любое абвастрэнне сітуацыі ў краіне вядзе да яе аслаблення. Людзі гэта разумеюць. У сёняшніх умовах вельмі небяспечна рабіць нейкія пратэстныя крокі, бо гэта наогул можа прывесці да анэксіі Беларусі. У беларускі рэжым Расея ўкладвала мільярды даляраў, а таму ад свайго “кавалка” ніколі не адмовіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя