Сяргей Антончык: Што сёння дадуць, тое заўтра забяруць
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык распавёў пра тое, ці задаволены сёння беларусы сваімі пенсіямі.
У Беларусі з 1 лістапада працоўныя пенсіі ў сярэднім павялічацца на 5,3%. Сярэдні памер працоўных пенсіяў дасягне 388,1 руб., сярэдні памер пенсіі па ўзросце – 393,96 руб.
Гэта ўжо трэці пераразлік працоўных пенсіяў у бягучым годзе. Папярэднія адбыліся ў траўні і жніўні – пенсіі былі павышаныя ў сярэднім на 5,3 і 10%.
Сяргей Антончык: Калі параўнаць пенсію беларускага пенсіянера і, скажам, польскага, то параўнанне, відавочна, не на нашу карысць. Пры гэтым усе даўно заўважылі: як толькі крыху падвышаюць пенсію, то адразу ж ідуць у рост і цэны ў крамах. Таму пенсіянеры ведаюць, што калі ім дададуць 5 адсоткаў пенсіі, то ў некалькі разоў болей адразу ж і забяруць. Паглядзіце, на колькі мяса птушкі падаражэла апошнім часам – амаль на 25 адсоткаў, хаця менавіта гэтым мясам большасць пенсіянераў і харчуецца. Яны не могуць дазволіць сабе больш дарагое. Адным словам, у адну кішэню паклалі, з другой узялі ў два разы больш.
РР: Якую зараз вы атрымліваеце пенсію?
Сяргей Антончык: Каля 300 рублёў. Я ж адмовіўся ад дэпутацкай пенсіі і атрымліваю працоўную, як і ўсе простыя людзі. У мяне 30-гадовы працоўны стаж, з іх 20 гадоў адпрацаваў у гальванічным цэху на заводзе імя Леніна.
РР: А чаму вы адмовіліся ад дэпутацкай пенсіі?
Сяргей Антончык: Каб атрымліваць яе, трэба было пісаць заяву на імя старшыні аблвыканкама. Я палічыў, што ішоў у дэпутаты не для таго, каб атрымліваць добрую пенсію, а каб нешта зрабіць для краіны. І сёння лічу, што любы дэпутат павінен атрымліваць сярэдні заробак, а не нейкія фантастычныя сумы. Тое ж самае і з дэпутацкімі пенсіямі. Я ўпэўнены, каб у іх забралі гэтыя ільготы, то ніхто б і не лез у дэпутацкае крэсла. Гэта ж зусім не этычна: за тое, што дапамагаеш людзям, мець вялікі заробак і пенсію.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя