Сяргей Антусевіч: Кіраўніцтва краіны не асэнсоўвае пагрозы сацыяльнага выбуху
Незалежныя прафсаюзы Беларусі лічаць прыняцце дэкрэта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” несвоечасовым перш за ўсё па прычыне істотнага павелічэння колькасці беспрацоўных. Толькі за сакавік бягучага года ў краіне працу страцілі больш за 65 000 работнікаў. Масавыя скарачэнні на прамысловых прадпрыемствах закранулі 17 000 чалавек, якія аўтаматычна падпадаюць пад катэгорыю “дармаедаў”.
Па словах намесніка старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, кіраўніцтва краіны не асэнсоўвае рэальнай пагрозы сацыяльнага выбуху, які можа адбыцца ў сувязі з прыняццем дэкрэта аб “дармаедах”:
– Улады абвясцілі беларускаму грамадству, што ў нас каля 500 000 чалавек карыстаюцца паслугамі дзяржавы і не плацяць ніякіх падаткаў. Мне падаецца, што такіх дакументаў увогуле не павінна быць. Апошнім часам вышэйшае кіраўніцтва падпісвае дакументы, заканадаўчыя акты, якія ў прынцыпе не працуюць і скіраваныя супраць простага чалавека.
Прэзідэнт краіны Аляксандар Лукашэнка абяцае, што дэкрэт не закране сумленных людзей, а будзе накіраваны перш за ўсё супраць п’яніц і злодзеяў. Тым часам грамадзяне Беларусі цягам месяца сабралі больш за 30 000 подпісаў пад інтэрнэт-петыцыяй за яго адмену. Акрамя гэтага, у рэгіёнах краіны паўстаюць грамадскія ініцыятывы з патрабаваннем адмяніць дэкрэт “аб дармаедах”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота camarade.biz