Сяргей Антусевіч на волі



Вызвалілі былога намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і шматгадовага кіраўніка незалежнага прафсаюза на „Гродна Азот” Сяргея Антусевіча.

Пра гэта паведамілі яго калегі, якія перабываюць у эміграцыі.

Сяргея Антусевіча вызвалілі з магілёўскай калоніі №15. Ён быў адным з фігурантаў справы кіраўнікоў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Актывіста схапіў КДБ 19 красавіка мінулага года. Пра зняволенне яму дазволілі паведаміць жонцы па тэлефоне і сказаць, што ён у СІЗА КДБ.

26 снежня 2022 года Менскі гарадскі суд адправіў Антусевіча на 2 гады ў калонію агульнага рэжыму за „групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

21 красавіка 2023 года яго ўнеслі ў „спіс экстрэмістаў”.

Разам з Антусевічам асудзілі старшыню Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, якога пакаралі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму, а таксама бухгалтарку офіса БКДП Ірыну Бут-Гусаім. Яе адправілі за краты на год і шэсць месяцаў. Усе фігуранты справы праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітвязнямі.