Сяргей Бульба: „Белы Легіён” – гэта клуб сяброў



Пра сучасную форму існавання „Белага Легіёну” распавёў Сяргей Чыслаў, ён жа Бульба.

Стваральнік „Белага Легіёну” Сяргей Чыслаў (Бульба) распавёў пра лёс арганізацыі і сваё бачанне далейшага развіцця падзеяў у Беларусі:

РР: Ці можам мы казаць пра рэанімацыю „Белага Легіёну”?

– Напэўна, напэўна. Я так разумеў, што ў Беларусі сапраўды ёсць сур’ёзная пагроза. Калі пачытаеце кнігу Болтана, то ён сцвярджае, што як раз у гэты час была рэальная пагроза. У Маскве ўсур’ёз разглядалі пытанне інкарпарацыі Беларусі, таму я палічыў, што гэта была вельмі своечасовая ініцыятыва – „Свежы вецер”. Яна як раз і была прысвечана менавіта гэтаму пытанню. У прынцыпе, калі вы заўважылі, то роўна 8-га снежня, калі яны мусілі падпісваць, мы выбралі 100 дзён да гэтай даты і пачалі паслядоўна раскручваць гэтую сітуацыю, актывізоўваць беларусаў да гэтай пагрозы. Яны чарговы раз нічога не падпісалі. Моц ветру вельмі аслабла, я не скажу ці ён застаўся, „Свежы вецер” застаўся, але асноўныя ініцыятары, палічыўшы, што на гэтым этапе кавалак працы зроблены, адышлі і заняліся іншымі праектамі.

РР: Ці можам мы казаць, што пагроза інтэграцыі знікла?

– Не, яна не знікла, яна перафарматавалася, скажам так. Відавочна, што Расея не для таго пачынала гэту гульню. Лукашэнка зрабіў вялізную памылку, калі ён спадзяваўся заняць трон Ельцына, ён тады панападпісваў гэтых дамоваў і Расея, у адрозненні ад Беларусі, яна мае стратэгію, яна мае сваю канцэпцыю, якую яна паслядоўна будзе здзяйсняць. Яны крок за крокам робяць сваю справу. Больш за тое, у маім разуменні, Лукашэнку яны падтрымлівалі толькі для таго, каб ён захаваў вось гэты кавалак Савецкага Саюза і даў яму крый Божа стаць нацыянальнай рэспублікай, нацыянальнай краінай. 

РР: Ці з’яўляецца „Белы Легіён” актыўнай арганізацыяй? Ці гэта ўсё ж такі клуб сяброў?

– Натуральна, што хутчэй гэта клуб сяброў, ветэранаў, бо няма ніякіх умоваў. Наша дзейнасць пачалася яшчэ ў 90-х і мы ў прынцыпе маглі б за гэты час фактычна сфармаваць эліту дзяржавы, прынамсі сілавога блоку. Мы шмат увагі надавалі выхаванню менавіта, я не пасаромеюся сказаць, інтэлігентаў у рымскім разуменні. Калі прыгадаеце стары Рым, то там інтэлігентам называлі менавіта лепш фізічна, інтэлектуальна развітага чалавека. Напрыклад, для нас мусіць зараз смешна будзе гучаць інтэлігент пэўнай кагорты, пэўнага легіёна. У нашым разуменні інтэлігент – гэта калі ў чалавека развіта толькі адна якасць, а не ўсе. Мы стараліся як раз выхоўваць менавіта ўсебакова развітых грамадзян і патрыётаў. 

РР: Ці можна сказаць, што зараз выпускнікі „Белага Легіёну” раз’ехаліся па ўсім свеце?

– Канешне. Хлопцаў, дзе толькі няма, сапраўды раз’ехаліся па ўсім свеце. У прынцыпе нічога шкоднага не бачу таму, што калі чалавек таленавіты, то ён мусіць мець рэалізацыю. Шмат хлопцаў не толькі ў французскім Замежным легіёне, але і па ўсім свеце абсалютна ва ўсіх сферах жыцця. Мы ніколі не абмяжоўваліся адным пэўным накірункам. Мы лічылі, што чалавеку трэба дапамагчы рэалізаваць ягоныя лепшыя якасці.

РР: Ці можна параўнаць справы „Белага Легіёну” і справай супраць Ціханоўскага?

– Справу „Белага Легіёну”, якая была ў 2017 годзе, яны рыхтавалі 4 гады. Ад пачатку да канца быў засняты наш летнік, які мой брат праводзіў. Замест ахоўнікаў летніка прысутнічалі прадстаўнікі Саўбеза, якія запісвалі ўсё, што можна. То бок справа была ўжо фактычна гатовая тады, але яны паклалі яе пад сукно і чакалі свайго часу. Яны супаставілі кучу кантактаў, паглядзелі, дзе нашыя выхаванцы, трошку нам удалося. Яны афігелі ад такой інфармацыі і тады было прынята рашэнне ўсё ж такі вывесці гэтую справу на публічны ўзровень. Там было шмат збояў, бо тапорна было зроблена. Плюс бачыце, яны ж спяшаліся пагасіць нашай справай менавіта дармаедскія акцыі. Таму калі параўноўваць з Ціханоўскім, то так. Фармальна можна адсачыць супадзенні таму, што Ціханоўскага прыбіралі толькі таму, што гэты чалавек шчыра сказаў, што ён будзе змагацца за змену ўлады шляхам закліку выйсці на плошчу. Гэта нармальна, у маім разуменні, гэта абсалютна нармальна. Калі мы ўзгадаем статут Вялікага Княства Літоўскага, там было прапісана права шляхты на рокаш. Канстытуцыйна ў статуце было прапісана, гэта абсалютна нармальна таму, што калі наёмнік – князь, Лукашэнка фактычна таксама наёмнік. Ён менеджар, якога наняў народ, а не наадварот. Калі гэты князёк пачынаў парушаць свае паўнамоцтвы, то народ проста збіраўся і паказваў яму пальчыкам накірунак, куды ён мусіць ісці. У гэтым плане я згодны, што з Ціханоўскім супадае, але трошкі адрозніваецца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: 

Альбом беларускіх вайсковых песняў „Белы Легіён”.

Беларускае Радыё Рацыя