Сяргей Бульба: У нас два самаабвешчаныя праекты



Госць Рацыі – грамадска-палітычны дзеяч беларускага замежжа Сяргей Бульба больш за восем гадоў пражыў ва Украіне і сёння ўпэўнены, што вынік абарончай вайны Украіны супраць расейскага агрэсара залежыць ад вайсковай дапамогі Захаду.

РР: Ёсць такі вобраз, што багата-багата беларускіх байцоў навучацца ва Украіне ваяваць па-сапраўднаму, па-сучаснаму. І вось на нейкіх там белых БТРах, белых танках прыедуць вызваляць Беларусь. Сілавы варыянт праблемы вырашэння дыктатуры – як ён бачыцца вам?

Сяргей Бульба: Давайце шчыра глядзець, я не хачу дарма абнадзейваць, але ж разумею, што ўсё ж такі трэба ствараць вобраз будучыні менавіта пазітыўны. Таму я адразу звяртаюся да тых, хто, як мы гаворым, на зямлі: хлопцы не спадзявайцеся на белыя БТРы. Перш за ўсё іх няма, а па-другое, колькасць беларусаў там настолькі нязначная, што яны ні на што не паўплываюць. Так што разумейце, што ўсё будзе вырашацца менавіта ўнутры Беларусі.

На сёння трэба разумець, што па-сутнасці два ў нас праекты, абодва, на маё разуменне, самаабвешчаныя – гэта што Лукашэнка ўнутры са сваёй камандай, што Ціханоўская звонку і таксама са сваёй невядома адкуль узяўшыйся камандай, якія змагаюцца за легітымнасць. Але ж Лукашэнка гэта ўсё цудоўна разумее, таму ён захапіў манаполію ўнутры, і таму мы бачым настолькі жорсткія пакаранні.

РР: Што сёння беларусам у Беларусі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, антыдыктатарскай пазіцыяй: ці трэба ім рызыкаваць жыццём, здароўем і воляй, ці стаіцца і чакаць моманту ікс?

Сяргей Бульба: Разумееце, з аднаго боку мы, беларусы, мы прывучаны, што “хавайся ў бульбу”, не вытаркайся, паводзь сябе ціха, як усе. Але ж з другога боку мы прывучаныя да таго, што мы нацыя – партызаны. Таму ў прынцыпе, я б параіў, што ў душы ў кожнага, тое і рабіць. Хто гатовы да нейкай “партызанкі”, то займацца ёй.

РР: Ні ў аднаго сацыялога нават няма сумневаў, што большасць беларусаў супраць дыктатуры Лукашэнкі персанальна, спрачацца можна толькі пра адсоткі – гэта 60 ці 80, колькі там класічна нейтральных. Гэтае лектаральнае балота ёсць у любой краіне. Ці згодныя, што фанатычна адданых Лукашэнку 3%, максімум –  5%, што міліцыянты і так званыя сілавікі – прагматычныя людзі, якія з сітуацыі вымаюць максімальны сабе бонус, я маю на ўвазе ад палкоўнікаў там і вышэй. На ваш погляд, што можа паўплываць на тое, каб трэснула гэтая салідарнасць, у першую чаргу міліцэйская, і плюс вакол іх там усялякія спецслужбы яшчэ па дробязях?

Сяргей Бульба: Толькі сапраўдны збой у матрыцы, а збой у матрыцы здольны арганізаваць адзінкі-пасіянарыі, якія там засталіся. Вось яны і здольныя. І калі яны зоймуцца гэтым паслядоўна, мэтанакіравана, не слухаючы нікога, падзяліўшыся на групы па 3-4 чалавекі, у абсалютна аўтаномныя, без усялякіх вертыкальных штабоў і прыказчыкаў. Менавіта, каб гэтая дзейнасць была як бы з аднаго боку спарадычная. Але ж з другога боку яно цалкам будзе мець свой глыбокі сэнс.

Сяргей Бульба заклікае не разлічваць на вырашальную ролю беларусаў, якія сёння ваююць ва Украіне. Бо лічыць, што лёс краіны вырашыцца ў самой Беларусі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя