Сяргей Чыслаў: Улады баяцца прызнання нашых сябраў палітвязнямі
Стваральнік легендарнай арганізацыі “Белы Легіён” Сяргей Чыслаў распавёў пра заяву праваабаронцаў і “справу патрыётаў”.
Як вядома, сёння беларускія праваабаронцы запатрабавалі ў заяве неадкладнага вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”.
Сяргей Чыслаў: Калі коратка пракаментаваць прынятую заяву, то пра гэта можна сказаць адным словам: “Нарэшце!” А ўвогуле, усе выбітыя пад ціскам паказанні фігурантаў справы не будуць мець аніякай сілы. Зараз, наколькі мне вядома, сілавікі выклікаюць сваякоў і сяброў затрыманых, робяць выгляд, што сапраўды нешта расследуюць.
РР: Як праваабарончая заява можа паўплываць на зыход справы?
Сяргей Чыслаў: Гэтая заява істотная, як сігнал для міжнароднай супольнасці. Беларускія дыпламаты ездзяць па свеце і асабліва ў кулуарах распавядаюць прадстаўнікам замежнага дыпкорпуса ды палітыкам, што “Белы Легіён” – гэта ледзь не неанацысты. Маўляў, не трэба гэтых сябраў падтрымліваць і дамагацца іхняга вызвалення. Але катаванні ва ўсім свеце лічацца як бы чырвонай мяжой у разуменні адэкватнасці краіны. Улады сапраўды баяцца прызнання нашых сяброў палітвязнямі, бо разумеюць, што за гэтым наступным крокам можа быць увядзенне санкцый. А паколькі эканоміка Беларусі без вонкавых крэдытаў не жыццяздольная, то ўлады і змушаныя рабіць добрую міну пры кепскай гульні.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя