Сяргей Доўгушаў: Беларусы ў Амерыцы вельмі актыўныя
Госцем гарадзенскіх курсаў “Мова Нанова” быў вядомы беларускі музыка, арганізатар “Спеўных сходаў” Сяргей Доўгушаў, які распавёў пра “Беларускую Амерыку”.
На думку музыкі, беларуская дыяспара ў ЗША вельмі актыўная:
– Беларусы ў ЗША зараз актыўна яднаюцца, стварылі шмат суполак у Фэйсбуку, робяць святы, робяць штогод Купаллі і Каляды. Напрыклад, мы ўпершыню зрабілі каляднае Жаніцьбу Цярэшкі, потым Дзяды, Масленіцу ў Вялікдзень ладзілі ў Чыкага. Ёсць асобы, ёсць людзі дзякуючы якім з’явіўся такі рух, яны яднаюць вакол сябе, вакол сваёй супольнасці беларусаў.
На думку Саргея Доўгушава, прадстаўнікі дыяспары сочаць з тым, што адбываецца ў Беларусі, а таксама дапамагаюць у розных праектах:
– Усе цікавяцца, часам падтрымліваюць нашы праекты, я выказваю ім словы ўдзячнасці. Не адзін год я запускаю краўдфандзінг. Мы выдалі „Палескую Біблію” Фёдара Клімчука, потым дыск „Традыцыя” – мужчынскія песні, бяседныя песні, потым арганізоўвалі фестываль Rajok. Беларусы замежжа падтрымліваюць, не толькі ЗША, але шмат беларусаў, хто глядзіць, цікавіцца навінамі. Трэба разам ствараць рух, каб мы разам дапамагалі, паляпшалі нашу культуру, нашы традыцыі.
Музыка пазнаёміў гарадзенцаў з рознымі музычнымі праектамі, а таксама запрасіў на бліжэйшыя канцэрты ў Менску і іншых гарадах Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча