Сяргей Драздоўскі: Кожны грамадзянін павінен мець магчымасць паскардзіцца на дзяржаву
У 2015 годзе Беларусь нарэшце падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю (стаўшы толькі 160-й краінай, якая зрабіла гэта).
Але — усё ж такі не цалкам, бо дагэтуль без увагі застаўся Першы факультатыўны пратакол, які з’яўляецца яе важнай часткай.
На думку Сяргея Драздоўскага, дырэктара Офісу па правах людзей з інваліднасцю, прычына гэтага палягае ў тым, што беларуская дзяржава асцерагаецца ўспрымаць міжнародныя дакументы менавіта з пункту гледжання правоў чалавека:
– Першы факультатыўны пратакол дазваляе кожнаму грамадзяніну паскардзіцца на сваю дзяржаву. То бок кожны грамадзянін можа прайшоўшы ўсе дзяржаўныя інстанцыі, дайсці да Камітэту ААН, і ў ААН весці дыскусію з дзяржавай напрасткі. Першы пратакол меў на ўвазе абавязак краіны, што калі камітэт палічыць, што ў краіне нейкая нязвыклая сітуацыя, то камітэт мог адправіць туды афіцэра. Беларусь адмаўляецца прымаць нейкіх афіцэраў і знешніх назіральнікаў.
Афіцыйная думка Беларусі — гэты пратакол можа стаць палітычнай кропкай новага ціску на дзяржаву. Але арганізацыі людзей з інваліднасцю лічаць, што тут няма нічога жахлівага і што да гэтага міжнароднага дакументу варта далучацца.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск