Сяргей Дылеўскі: Толькі працоўныя могуць пераламіць сітуацыю
Мінуў тэрмін Народнага ўльтыматуму. Лукашэнка не сышоў, усе палітвязні не выйшлі на волю, а на вуліцах Беларусі не спыніўся гвалт, а таму ў Беларусі аб’яўлены нацыянальны страйк.
Менавіта працоўныя могуць пераламіць сітуацыю, заявіў у каментары Радыё Рацыя сябра прэзідыўму Каардынацыйнае Рады, старшыня стачкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі:
– Толькі рабочыя могуць пераламіць сітуацыю. Прыватніку надакучыць, ён сабярэцца, сыдзе, перавядзе свой бізнес у іншую краіну. IT-шнікі тое ж самае. Простыя людзі, збяруцца, з’едуць. А вось рабочыя, калі рабочыя зробяць сваю справу, то бок пакажуць, што мы сіла ўсё ж такі, улічвайце наш голас, пачуйце нас. Гэта прывядзе да выніку, менавіта рабочыя.
Напярэдадні Сяргей Дылеўскі выступаў ля беларускай амбасады на мітынгу, які наведала каля 150 чалавек. Удзельнікі сходу выказвалі сваё падтрыманне беларускім працоўным. Адзін з заснавальнікаў фонду BySol Алесь Лапко зазначыў, што беларусы замежжа могуць пакрыць кошты для тых, хто выйдзе на страйк, пералічваючы свой заробак ад аднаго працоўнага дня.
Беларускае Радыё Рацыя