Сяргей Дылеўскі выехаў з Беларусі з меркаванняў бяспекі
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, кіраўнік страйкама Мінскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі з’ехаў з Беларусі ў Польшчу.
Прэс-служба КР у сваім тэлеграм-канале паведамляе, што цяпер Дылеўскі знаходзіцца ў Варшаве. „Ён вымушаны быў пакінуць Беларусь у сувязі з асцярогамі за сваю бяспеку”, — гаворыцца ў паведамленні.
З 24 жніўня па 18 верасня Дылеўскі знаходзіўся ў зняволенні, адбываючы два адміністрацыйныя арышты (на 10 і на 15 сутак) па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП).
11 кастрычніка прэс-служба КР паведаміла, што яго вымусілі падпісаць заяву на звальненне „па ўласным жаданні” пасля 12 гадоў працы на МТЗ. Паведамлялася таксама, што Дылеўскаму пагражалі звальненнем бацькоў, якія таксама працуюць на заводзе. „На жаль, пара расстацца. Для кіраўнікоў: хлопцы, прымушаць звольніцца шляхам шантажу бацькамі — гэта самае нізкае і бесчалавечнае, што можна сабе ўявіць”, — напісаў Дылеўскі на сваёй старонцы ў „Інстаграме”.
На наступны дзень намеснік гендырэктара МТЗ Андрэй Суслянкоў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” абверг словы Дылеўскага і заявіў, што той прыняў рашэнне звольніцца сам.
Каардынацыйная рада была створаная па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, якая цяпер знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня, а на наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці рады распачатая справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Абвінавачанне ў межах гэтай крымінальнай справы выстаўленае членам прэзідыума КР Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, а таксама аднаму з адвакатаў Калеснікавай Ільі Салею. Яны ўтрымліваюцца пад вартай, як і член прэзідыума КР Лілія Уласава, у дачыненні да якой распачатая крымінальная справа па факце ўхілення ад выплаты падаткаў. Іншыя члены прэзідыума КР — Вольга Кавалькова, Павел Латушка і Святлана Алексіевіч — вымушаныя былі, як і Дылеўскі, выехаць з краіны з меркаванняў бяспекі.
belapan.by
Фота rada.vision/by