Сяргей Калякін: Гэта быў год абнішчэння людзей



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін падводзіць вынікі сыходзячага году.

Сяргей Калякін: Найперш для нас важна, што ў 2016-м годзе наша партыя адсвяткавала 25-гадовы юбілей. Таксама палітычнай падзеяй году былі і выбары ў Палату прадстаўнікоў, хаця сама кампанія прайшла, безумоўна, без нейкага асаблівага прарыву. Але ж былі і ноу-хау – улады вырашылі ўключыць у парламент аднаго прадстаўніка апазіцыі – Ганну Канапацкую.

РР: Але ў парламент патрапіла і Алена Анісім…

Сяргей Калякін: Ні я яе не лічу прадстаўніком апазіцыі, ні яна сама так не лічыць. Алена Анісім – гэта не чалавек улады, але яна не належыць і да палітычнай апазіцыі. Гэта больш нейтральны чалавек…

Калі ж вяртацца да выбараў, то, паўтаруся, назваць іх сапраўднымі досыць складана. Па-ранейшаму не было празрыстасці, падлік галасоў – закрыты. Назіральнікі не могуць ведаць, які сапраўдны вынік галасавання. Хаця выбары – гэта добрая магчымасць папрацаваць з людзьмі, гэта быў актыўны перыяд у палітычным жыцці краіны.

РР: А што адметнага, на ваш погляд, адбылося ў эканоміцы?

Сяргей Калякін: Год прайшоў пад знакам пагаршэння становішча ў эканоміцы, і, суадносна, рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця беларусаў. Ужо і не памятаю, каб быў такі доўгі спад у прыбытках насельніцтва. І ў той жа час катастрафічна растуць цэны на тавары і паслугі. Таму ў 2016-м годзе адбылося далейшае абнішчэнне людзей  і, на жаль, гэты працэс у бліжэйшы час не закончыцца. Я не бачу пакуль ніякіх пазітыўных сігналаў да таго, каб эканоміка ў наступным годзе эфектыўна запрацавала. А значыцца не варта чакаць і паляпшэння дабрабыту насельніцтва.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя