Сяргей Калякін: Людзей адвучылі ад традыцыі святкаваць Першамай
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавёў, чаму акцыя 1 траўня, якую ладзілі незалежныя прафсаюзы, была нешматлюднай.
На мітынг, які правялі ўчора незалежныя прафсаюзы, сабралася 150-200 чалавек. Кіраўнік партыі “Справядлівы свет”, які таксама прысутнічаў на мерапрыемстве, патлумачыў, чаму так мала.
Сяргей Калякін: Мне здаецца, што ўпершыню за дзесяць год улады далі афіцыйны дазвол правесці 1 траўня мітынг структурам, якія не адносяцца да афіцыйных. Мы, натуральна, усё роўна збіраліся, але правядзення такіх акцый было пад забаронай. Пры гэтым улады дазвалялі “Чарнобыльскі шлях”, Дзень волі , а вось першамайскія мерапрыемствы траплялі ў чорны спіс. Толькі зараз людзі ўпершыню змаглі выйсці на Першамай, але за дзесяць год яны адвыклі ад гэтай традыцыі. Таму і на мерапрыемстве было нешматлюдна. І для мяне гэта аб’ектыўна зразумела. Хаця, на мой погляд, сёняшнія лозунгі, што народу трэба змагацца за свае правы, зразумелыя людзям. Веру, што на такія мерапрыемствы будзе прыходзіць усё больш і больш нашых прыхільнікаў.
РР: Чаму вы вырашылі далучыцца да прафсаюзай акцыі?
Сяргей Калякін: З прафсаюзамі мы ладзім агульныя мерапрыемствы не першы раз. Раней, калі акцыі былі дазволены, таксама прымалі ўдзел, але, можа быць, у розных фарматах. Незалежныя прафсаюзы – наш бліжэйшы партнёр і саюзнік, бо многія іх патрабаванні супадаюць з тым, што хоча зрабіць для людзей партыя “Справядлівы свет”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя