Сяргей Ляпін быў у міліцыі па справе будаўніцтва на костках
Журналіста-фрылансера Сяргея Ляпіна выклікалі ў міліцыю па справе знойдзеных чалавечых костак на старых габрэйскіх могілках. Чалавечыя парэшткі знайшлі грамадскія актывісты ва ўзнятым грунце ў раёне вуліцы Сожскай, дзе плануецца ўзвядзенне шматпавярховікаў. Аднак менавіта там, як сцвярджаюць гісторыкі, у пачатку ХХ стагоддзя былі могілкі. Былы архітэктар і журналіст Сяргей Ляпін гаворыць, што ў міліцыі мяркуюць, што косткі мог падкінуць сам фрылансер.
– Неафіцыйна выклікалі па тэлефоне, без позвы. Калі я прыйшоў на дамоўлены час, то следчы пачаў распытваць мяне пра тыя абставіны, пры якіх я знайшоў тыя парэшткі на будаўнічай пляцоўцы на вуліцы Сожскай. На жаль, следчы не мог дакладна паведаміць, па якім артыкуле праваахоўныя органы маюць да мяне нейкія прэтэнзіі, канкрэтнага артыкула не прагучала.
Напярэдадні дзяржаўная газета “Гомельская праўда” ў артыкуле “Будаўнічыя аб’екты Гомеля пад прыцэлам інтэрнэт-правакатараў” сцвярджала, што будаўнікі праверылі глебу, аднак чалавечых парэшткаў там не знайшлі. І пагражала судовымі разбіральніцтвамі тым, хто крытыкуе запланаваныя будынкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота gomel.today