Сяргей Ляпін падаў у суд на „Гомельскую праўду”
Публіцыст Сяргей Ляпін падаў у суд на дзяржаўнае выданне „Гомельская праўда”. Гамяльчук стаў аб’ектам цкавання, якое разгарнулася на старонках афіцыйнай газеты. Таму і вырашыў абараніць сваю дзелавую рэпутацыю ў судовым парадку.
Сяргей Ляпін мае намер прымусіць газету „Гомельская праўда” прынесці афіцыйныя выбачэнні з нагоды абразлівай публікацыі.
– Аўтары прайшліся амаль па ўсіх маіх публікацыях. Я ўздымаю пытанні мэтазгоднасці пашырэння вуліц цэнтра, якое звычайна звязана з памяньшэннем зялёных зонаў, тратуараў, усталёўкай агародж, ліквідацыяй пешаходных пераходаў. Гэта ўсё, як вынікае, вельмі непрыемна для гарадскіх уладаў.
Цкаванні Сяргея Ляпіна ў дзяржаўнай прэсе пачаліся пасля таго, як ён апублікаваў матэрыял пра будоўлю шматпавярховіка на месцы старых габрэйскіх могілак. Гісторык Марыя Булавінская адзначае, што ў артыкулах дзяржаўнай газеты „Гомельская праўда” аргументы адсутнічаюць.
– Я б іх назвала артыкуламі ў жанры савецкай эпохі, калі аўтар не клапоціцца ў падборы розных выразаў. Мы можам абараняцца па кожным пункце, у якім вінавацяць грамадскіх актывістаў, таму што ў нас ёсць факты.
Сяргей Ляпін – архітэктар па адукацыі, піша артыкулы ў незалежнай прэсе на тэму горадабудаўніцтва і рэканструкцый цэнтральных вуліц Гомеля.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель