Сяргей Мальчык: Дзеянні ўладаў неэфектыўныя



Улады Беларусі хаваюць сапраўдную прычыну закрыцця ўнутраной мяжы за шорамі ўяўнага змагання з каронавіруснай інфекцыяй. Цяпер жа дзеянні ўладаў па прадухіленні хваробы неэфектыўныя. Гэта відаць па вялікай колькасці цяжка хворых. Таксама неэфектыўнымі застаюцца дзеянні ўладаў у палітычнай сферы – паказваюць пра няздольнасць іх да дыялогу з апанентамі,  над якімі чыняцца рэпрэсіі. 

Кажа Сяргей Мальчык:

–  Перакрыццё  мяжы, тым больш не на ўезд, а на выезд, ніякага дачынення да каронавірусу не мае. Лукашэнка не раз казаў,  што гэта  не каронавірус, а псіхоз, „я не бачу віруса, таму яго няма” і т.д. Таму цяперашнія дзеянні ўлады ніякага дачынення не маюць да  каронавірусу. Усе  тыя рэчы, якія зараз робяцца, гэта настолькі  позна і настолькі адносна, і тыя ж маскі, якія мы з вамі носім, таксама дастаткова адносна, бо носяцца яны няправільна.

Сяргею Мальчыку,  аднаму з ветэранаў адраджэнскага руху Гарадзеншчыны, сябру Сойма партыі БНФ спаўняецца 60 гадоў. Ягоная дзейнасць найбольш вядомая ў 90-х гадах мінулага стагоддзя і на пачатку цяперашняга, як аднаго з лідараў Беларускага Народнага Фронта „Адраджэнне” ў Гародні.

Беларускае Радыё Рацыя віншуе юбіляра!

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя