Сяргей Мазан: Ніякіх абвінавачанняў прад’яўлена не было



Тэлеграм-канал 12/52 берасцейскага блогера, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргея Мазана часова пастаўлены на паўзу. Падставаю да таго стала яго затрыманне на 72 гадзіны на мінулым тыдні. Ніякіх абвінавачанняў так прад’яўлена і не было, – распавёў ён.

Сённяшні „Госць Рацыі” – Сяргей Мазан.

РР: Распавядзіце, калі ласка, што здарылася ў той дзень.

Сяргей Мазан: 23 лютага мяне затрымалі і адвезлі ў аддзел міліцыі. На вуліцы падыйшлі супрацоўнікі, паказалі дакументы і павезлі. Чаму мяне затрымалі, я даведаўся толькі ў аддзяленні міліцыі. Як высветлілася, мяне падазравалі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. Пыталіся, ці браў я ўдзел у акцыі на бульвары Касманаўтаў. У іх былі нейкія фотаздымкі, быццам я на вуліцы Савецкай. Але на гэтым здымку далёка не я.

РР: Як вы апынуліся ў ІЧУ?

Сяргей Мазан: Былі доўгія размовы наконт таго, ці ўдзельнічаў я ў акцыях пратэсту, ці браў удзел у акцыі, калі яе разганялі пры дапамозе вадамёту, ці прымаў удзел у так званых “партызанскіх” акцыях. Зразумела, што не. Я так разумею, для таго каб высветліць, ці насамрэч на фотаздымках я, мяне затрымалі на 72 гадзіны.

РР: Ці праўдзівая інфармацыя, якую распаўсюджвалі ў сацыяльных сетках, пра прадстаўнікоў наркакантролю, якія таксама вас затрымлівалі?

Сяргей Мазан: Так, на самой справе, калі мяне затрымлівалі, то супрацоўнікі паказвалі пасведчанні наркакантролю. Але ўжо потым, калі я выйшаў, мы доўга аналізавалі гэтую сітуацыю і прыйшлі да высновы, што яны ўсе зараз працуюць дзеля аднаго. Ніякага дачынення да наркотыкаў гэта не мае.

Сяргей Мазан спадзяецца, што пасля невялікага перапынку канал 12/52 адновіць сваю працу. Але наколькі хутка гэта адбудзецца – не вядома.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: facebook.com