Сяргей Міхалок просіць дазволу на сталае жыхарства ва Украіне



Экс-лідар гурта “Ляпіс Трубяцкой” і лідар гурта „Brutto” Сяргей Міхалок і яго прадзюсар звярнуліся да міністра культуры Украіны з просьбай дапамагчы ў атрыманні права на сталае жыхарства.

lyapis-trubeckoy-vystupil-na-evromaydane

Музыка патлумачыў, што падтрымка гуртом “Ляпіс Трубяцкой” рэвалюцыйных падзеяў ва Украіне негатыўна і варожа ўспрымаецца ўладай у Беларусі і Расеі, якія чыняць перашкоды для паўнавартаснага творчага працэсу. Таму ён і яго прадзюсар, не адмаўляючыся ад беларускага грамадзянства, вырашылі атрымаць права на сталае жыхарства ва Украіне. Паводле Міхалка, у гэтым годзе яго гурт плануе два ўсе-ўкраінскія канцэртныя туры, а таксама запіс новага альбома і кліпаў ва Украіне. Міністр культуры ў сваю чаргу звярнуўся з лістом да міністра ўнутраных спраў краіны Арсена Авакава з просьбай як мага хутчэй даць дазвол на сталае жыхарства заяўнікам.

Сяргей Міхалок неаднаразова публічна выказваў сваё крытычнае стаўленне да беларускіх уладаў. Ён са сваім гуртом трапіў у гэтак званы “чорны спіс”, з-за чаго канцэртная дзейнасць у Беларусі стала немагчымай. З “Ляпісамі” Міхалок выступаў на Еўрамайдане ў падтрымку рэвалюцыі, а песня “Воіны свету”, якую ён стварыў, стала неафіцыйным гімнам Еўрамайдану.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота topfacts.com.ua