Сяргей Міхалок: Украіна – іскра рэвалюцыйнага настрою



Беларускі гурт «BRUTTO» выступіў на буйным украінскім фестывалі „Zaxidfest” у Львове.

Журналісты тэлеканала «Zik» пагутарылі з лідарам гурту Сяргеем Міхалком пасля выступу.

DSC08939

«Мы заўсёды сябе называем беларуска-ўкраінскай брыгадай творчага тэрору і музычнага адпору. Мы трымаем руку на пульсе падзей, і на нас вельмі моцна ўплывае кантэкст. Усё, пра што мы спяваем, напрыклад, песня «Гары» або «Партызан-рок» – гэта песні пра тое, што адбываецца тут і цяпер, гэта песні, у тым ліку, і пра рэвалюцыю ва Украіне, якая, вядома ж, з’яўляецца іскрай для рэвалюцыйнага настрою на ўсёй постсавецкай прасторы», – сказаў музыка.

Сяргей Міхалок таксама распавёў, у чым, на ягоную думку, хаваецца прычына ненармальных паводзінаў Пуціна і Лукашэнкі.

«Асабіста мне здаецца, што тут гаворка ідзе пра нейкі іранічны кантэкст многіх людзей, якія думаюць, што яны залішне сур’ёзныя. Гэта значыць такіх палітыканаў, як Пуцін ці Лукашэнка. Мне здаецца, што людзям трэба зразумець, што многія рэчы гэтыя палітыкі робяць праз тое, што ў іх жывуць вельмі маленькія ліліпуты, якія не рэалізавалі сябе па-сапраўднаму як мужчыны. Сапраўднаму мужчыну не трэба велізарнае поле бітвы, яму стае каханай жанчыны, дзяцей, працы, шчырай працы. Трэба разумець, што ў іх не ўсё ў парадку. Мяне гэта радуе», – заявіў Міхалок.

Падтрымка ягоным былым гуртам «Ляпіс Трубяцкі» рэвалюцыйных падзей ва Украіне негатыўна і варожа ўспрымаецца ўладамі Беларусі і Расеі, якія ствараюць перашкоды для паўнавартаснага творчага працэсу. Гурт «Ляпіс Трубяцкі» ад пачатку падтрымліваў Рэвалюцыю годнасці ва Украіне. А яго песня «Воины Света» сталася адным з неафіцыйных гімнаў Майдана.

Паводле zik.ua