Сяргей Пальчэўскі 10 сакавіка выйдзе на волю



Моладзевы актывіст, адзін з абаронцаў Курапатаў Сяргей Пальчэўскі выйдзе на волю 10 сакавіка, паведаміў у „Фэйсбуку” лідар „Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч.

Пальчэўскі быў затрыманы днём 7 сакавіка ў пад’ездзе свайго дома супрацоўнікамі АМАП ГУУС Менгарвыканкама. У той жа дзень у судзе Першамайскага раёна Менска яго судзілі за ўдзел „у несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах” і змясцілі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

У дзень суда сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец са спасылкай на супрацоўнікаў міліцыі паведаміў, што Пальчэўскага асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра тое, што ён быў асуджаны на трое сутак арышту, Дашкевіч даведаўся 9 сакавіка ад адваката. Паводле інфармацыі Дашкевіча, ён павінен вызваліцца 10 сакавіка ў 16 гадзін.

Сяргей Пальчэўскі быў адным з актыўных абаронцаў Курапат. 24 лютага ён прыкаваў сябе наручнікамі да грузавіка, каб перашкодзіць будаўніцтву бізнес-цэнтра каля ўрочышча, а таксама прыцягнуць увагу грамадскасці і ўладаў да сітуацыі. Ён праляжаў пад грузавіком каля двух гадзін, будаўнічыя работы былі прыпыненыя. Пасля гэтага Пальчэўскага спрабавалі затрымаць прадстаўнікі праваахоўных структур у цывільным, але грамадскія актывісты яго адбілі.

Паводле слоў Дашкевіча, менавіта ўчынак Пальчэўскага стаў пераломным момантам у сітуацыі вакол Курапат. Пасля інцыдэнту з наручнікамі кампанія „Белрэканструкцыя” вырашыла адмовіцца ад будаўніцтва бізнес-цэнтра ў гэтым месцы. 6 сакавіка абаронцы Курапат згарнулі свой лагер, які прастаяў каля будаўніцтва з 20 лютага.

belapan.by

Фота: Новы Час