Сяргей Пульша – новы рэдактар „Новага Часу”
З 12 снежня 2023 году пасаду галоўнага рэдактара беларускага незалежнага выдання будзе выконваць журналіст Сяргей Пульша. Перад ім пасаду галоўнага рэдактара „Новага Часу” займала Аксана Колб, якая папрацавала на гэтай пасадзе больш за 8 гадоў.
Сяргей Пульша дзеліцца сваім бачаннем пра рэдакцыю выдання:
– Рэдакцыя новага часу – гэта ў асноўным стары калектыў, які выдаваў і папяровую газету „Новы час”. Частка людзей цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, прычым у розных краінах: Польшча, Літва, Італія, Грузія. Ёсць частка, якія дагэтуль застаюцца ў Беларусі.
Па яго словах, частка сетак выдання прызнана экстрэмісцкімі, але гэта не ўплывае на працу:
– Прызнанне экстрэмісцкімі нашых асобных сацыяльных сетак – быў прызнаны Тэлеграм-канал і суполка ў „Аднакласніках”. Па вялікім рахунку не вельмі паўплывала на наведвальнасць. У прынцыпе ніхто цяпер не сочыць за тым, каго прызналі экстрэмісцкім, каго не прызналі экстрэмісцкім. Па змоўчванні экстрэмісты ўсе.
Сяргей Пульша ўжо больш за 20 год у журналістыцы. Супрацоўнічаў з газетай „Беларуская маладзёжная”, дзе з карэспандэнта вырас да выконваючага абавязкі рэдактара, ужо больш за 10 год супрацоўнічае з выданнем „Новы Час”. З 2021 году Сяргей з-за крымінальнага пераследу жыве ў Грузіі.
Беларускае Радыё Рацыя