Сяргей Пятрухін: Ад камеры нічога не схаваеш



У беларускіх гарадах і мястэчках блогерства як з’ява ўжо даўно стала штодзённасцю. Некаторыя пішуць, хтосьці фатаграфуе, а нехта рыхтуе відэакантэнт для сваіх інтэрнэт-каналаў. У Берасці, між іншым, папулярнасцю карыстаюцца відэаблогеры, якія закранаюць грамадска-палітычную тэматыку.

Госць Рацыі – берасцейскі блогер, адзін з суаўтараў Youtube-канала “Народны рэпарцёр” Сяргей Пятрухін:

– На жаль, тое, што паказваюць па тэлебачанні, не адпавядае рэчаіснасці. У Беларусі з’явілася пустая ніша, якую займаюць блогеры. І гэта вельмі добрая магчымасць самарэалізавацца як журналісту, грамадскаму актывісту.

Мы з Аляксандрам Кабанавым вельмі адрозніваемся ад усіх блогераў. Таму што мы працуем канкрэтна па фактах. Мы праводзім расследаванні і даследаванні. Мы працуем з чыноўнікамі, карупцыянерамі, сілавікамі, якія перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы. Мы рэальна дапамагаем людзям.

РР: Ваша тэматыка – грамадска-палітычная.

Сяргей Пятрухін: Канешне. Гэта відавочна. Мы не аналізуем навіны. Мы самі робім навіны. Мы канкрэтна дапамагаем людзям і выносім на паверхню праблемы, якія існуюць у звычайнага чалавека, які сутыкаецца са сцяной чыноўніцкага самавольства, раўнадушша і беўззаконня.

РР: Якія з агучаных вамі праблем найбольш характэрныя для нашага горада?

Сяргей Пятрухін: Зразумела, завод АКБ. Пра яго ўсе ведаюць. Калі казаць пра штосьці іншае, то гэта самавольства сілавікоў. Гэта вельмі вялікая праблема для людзей. Гэта самавольства суддзяў і пракуратуры. Поўная знявага, поўны ігнор, адпіскі.

РР: Ці ёсць нейкія перамогі, плён ад вашай працы?

Сяргей Пятрухін: Безумоўна, ёсць. Па нашых расследаваннях былі асуджаныя па крымінальных справах высокапастаўленыя чыноўнікі Берасцейскага райвыканкама. Былі асуджаныя міліцыянты, якія здзейснілі жудаснае, як я лічу, злачынства – жорстка збілі берасцейцаў. На жаль, пасадзілі толькі аднаго. Пасадзілі Куляшова з Кобрыні, які зламаў селяніну нагу.

Што галоўнае? Нават не тое, што нас падтрымлівае вельмі шмат людзей. А тое, што сталі крыху мяняцца і міліцыянты, і чыноўнікі. Ведаючы, што яны трапляюць на відэакамеру, вядуць сябе зусім інакш. Яны вельмі баяцца публічнасці, на жаль, бо чыноўнікі і міліцыянты мусяць быць адкрытымі для людзей.

РР: Вы асвятляеце зараз шырокавядомую тэму будаўніцтва акумулятарнага завода. Вакол гэтай праблемы сфармаваўся касцяк, які гатовы ісці да канца. Назіраецца стварэнне ў нашым горадзе грамадзянскай супольнасці.

Сяргей Пятрухін: Дзякуючы будаўніцтву гэтага завода ў нашым горадзе нарадзілася супольнасць разумных, смелых, неабыякавых людзей. Дзям’ян Лепесевіч, Таццяна Фесікава, Зміцер Бекалюк – гэтых людзей любяць, ведаюць, ім давяраюць. І на іх ускладаюць надзею. І калі летам на “кармленне галубоў” выходіла 30-50 чалавек, то зараз – 200.

РР: Якія вашы далейшыя планы?

Сяргей Пятрухін: Хутка выбары. У нас ёсць планы рабіць вялікія інтэрв’ю з кандыдатамі. Мы думаем, што зможам арганізаваць тэледэбаты. Не ва ўсіх ёсць роўныя магчымасці выступаць у дзяржСМІ, такім чынам мы хочам гэтую нішу запоўніць.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя