Сяргей Пятрухін: Будзем змагацца да канца
Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін распавёў, што абскардзіў рашэнне раённага суда.
Нагадаем, што 18 красавіка суд Ленінскага раёна Берасця вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.188 (“Паклёп”) і ч.2 арт.189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічынь (9180 рублёў, ці 4381 даляр). Пятрухіна абавязалі таксама выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РУУС Берасця 8500 рублёў, ці 4250 даляраў. Усяго Пятрухін абавязаны выплаціць каля 9 тысяч даляраў.
Сяргей Пятрухін: Я абскардзіў рашэнне раённага суда ў Берасцейскім абласным судзе, зараз знаёмлюся з пратаколамі судовых пасяджэнняў. Пакуль дата разгляду апеляцыі не прызначана.
РР: Як вядома, на платформе MolaMola заблакавалі збор сродкаў на пагашэнне вашага штрафу…
Сяргей Пятрухін: Так, бо, маўляў, выяўлена неадпаведнасць бягучаму заканадаўству Беларусі ў частцы збору сродкаў на штрафы. За той час, пакуль не заблакавалі, мне сабралі каля 1200 рублёў на аплату штрафаў, але не толькі на гэтай платформе. Грошы я зняў, але сёння на маёй картцы чамусьці мінус 170 рублёў. Трэба разбірацца ў банку, што здарылася.
Зараз наогул на мяне наваліліся праблемы з усіх бакоў. Праходзяць суды, выпісваюць штрафы. З таго часу, як пачаліся пратэсты супраць будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага завода, сума назбіралася ўжо досыць вялікая. Але будзем змагацца да канца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя