Сяргей Пятрухін рыхтуецца да суду па крымінальнай справе



Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін як абвінавачаны рыхтуецца да разгляду крымінальнай справы за “Паклёп” і “Абразу”. „Пацярпелым” па ёй праходзіць участковы Ленінскага РАУС Берасця Сяргей Ігнацюк.

Пятрухін, нават зрабіў адмысловы тызер з гэтай нагоды, які змясціў на сваім Youtube-канале “Народны рэпарцёр”:

– Сюрпрызы ёсць. Я зрабіў экспертызу з вельмі годнага месца, не буду казаць адкуль. Я зняў яшчэ стужку, заўтра я яе запушчу, пра ахвяру Сяргея Пятровіча. Гэта будзе для яго вельмі моцным ударам. Упэўнены, што пасля судовых паседжанняў ён ужо не будзе працаваць у міліцыі. Ён будзе альбо месці двор, альбо сядзець за кратамі.

Справу разгледзяць у судзе Ленінскага раёна Берасця 9 красавіка ў 09:30 па-беларускім часе. У межах справы Пятрухіна затрымлівалі, выламывалі дзьверы, праводзілі ператрус і нават прызначалі псіхіятрычную экспертызу. Справу вёў Следчы Берасцейскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Андранік Хачатран.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце