Сяргей Пятрухін трапіў з ізалятара ў шпіталь
У Берасцейскі цэнтральны гарадскі шпіталь быў завезены адзін з лідараў пратэстаў супраць акумулятарнага завода Сяргей Пятрухін. Ён быў асуджаны 11 траўня на пятнаццаць сутак паводле арт. 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у масавым мерапрыемстве).
Яшчэ ў зале суда ў блогера зафіксавалі тэмпературу 37,8, але замест хуткай адразу адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, адзначыў грамадскі дзеяч Зміцер Бекалюк:
– Сітуацыя такая, што людзей, якіх пасадзілі ў ІЧУ, пасадзілі ў камеры, дзе не сочаць за санітарнымі нормамі. У палове камер прысутнічаюць клапы, больш за тое, пасадзілі з людзьмі ў якіх тэмпература і якім выклікалі хуткую ноччу. Пры гэтым Сяргей Пятрухін, калі паступіў на суд, у яго была тэмпература 37,3, паднялася да 38. Была выклікана хуткая, але па загадзе Самасюка, я так мяркую, яго патаемна вывезлі праз аўтазак. У ІЧУ хуткая прыехала, але пацыента ўжо не было.
Зміцер Бекалюк звярнуў увагу, што хуткая дапамога прыехала ў ізалятар часовага ўтрымання, і толькі адтуль перавезла яго ў цэнтральны гарадскі шпіталь.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце