Сяргей Пятрухін: У нас няма міліцыі, вось гэта страшна



Адразу пасля прысуду, берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін пракаментаваў дзеянні міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі і выступалі сведкамі ў судзе па справе “распіцця алкагольных напояў”. Блогер, разам з адвакатам, звярнуў увагу на блытаніну ў паказаннях міліцыянтаў і віну не прызнаваў, спаслаўшыся на адсутнасць пераканаўчых доказаў. Праваабаронцы справу Пятрухіна называюць спецаперацыяй па дыскрэдытацыі актывістаў напярэдадні масавых мерапрыемстваў – акцыі па “кармленні галубоў” і святкаванні Дня Волі-2018, якія адбыліся 25 сакавіка ў Берасці.

Кажа Сяргей Пятрухін:

– Сяргей Токун мяне затрымліваў. Гяляндзіч Ігар. А ў цывільным былі Сяргей Ігнацюк і Дзмітрый Якушэвіч. Сорамна за супрацоўнікаў міліцыі, сорамна за намесніка начальніка Ленінскага РАУСа Самасюка. Я спадзяюся, што яны трапяць у свой “міліцэйскі ад” у свой час. Бо такімі міліцыянтамі быць нельга. У нас няма міліцыі. Вось гэта страшна.

Прысутныя ў зале суда смяяліся са сведчанняў міліцыянтаў, за што неаднаразова былі папярэджаны суддзём суда Маскоўскага раёна Берасця Аляксандрам Семянчуком, які разглядаў справу. Нягледзячы на тое, што чарговы раз суд у выніку быў не на баку Пятрухіна, прысутныя бачаць сэнс у тым, каб масава назіраць за падобнымі працэсамі:

– Калі будзе больш людзей прыходзіць, то суд будзе больш эфектыўным. Магчыма тады мы зможам дамагчыся праўды. Яны ж жывуць у грамадстве, ходзяць у крамы, іхныя дзеці ходзяць у садкі, яны сустракаюцца з іншымі людзьмі.

Варта зазначыць, што пры наяўнасці штатнага відэафіксатара ў аднаго з супрацоўнікаў міліцыі, які затрымліваў Сяргея Пятрухіна 23 сакавіка, відэазапіс ягонага парушэння так і не быў прадстаўлены. Міліцыянты спасылаліся на няспраўныя батарэі. 

На фота: супрацоўнікі міліцыі, якія затрымалі Сяргея Пятрухіна 23 сакавіка і выступілі сведкамі супраць яго ў судзе 29 сакавіка.

“І смех і грэх”, – пракаментавалі такія сведчанні міліцыянтаў людзі, якія прыйшлі падтрымаць Пятрухіна.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара