Сяргей Пятрухін: Выбары сфальсіфікавалі на датэрміновым галасаванні
Працягваць працу з выбаршчыкамі на акругах, дзе была зафіксаваная электаральная перамога – так пастанавілі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у Берасці. Такое рашэнне агучылі прадстаўнікі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі і незалежны кандыдат Сяргей Пятрухін ды яго каманда. У Берасці прайшла выніковая прэсавая канферэнцыя.
Сяргей Пятрухін лічыць, што афіцыйныя вынікі галасавання былі сфальсіфікаваныя:
– Вынік у майго галоўнага канкурэнта – 27 тысяч. У мяне – 5.200. Я быў на выбарчых участках. Бачыў вынікі папярэдняга галасавання і магу сказаць з поўнай адказнасцю, што гэта ўкіды. Таму што тое, што адбывалася ў дзень выбараў, там была карціна больш-менш рэальная. Недзе нават я перамагаў. Там быў разрыў не такі брутальны. Але, напрыклад, у датэрміновым галасаванні – ў мяне 10, у яго 400. Я ніколі не паверу, што такое можа быць.
Удзельнікі прэсавай канферэнцыі не згодныя з вынікамі афіцыйнага галасавання ў Берасці. Яны перакананыя, што была завышаная яўка, а таксама адбыўся ўкід бюлетэняў.
Беларускае Радыё Рацыя