Сяргей Пятрухін збіраецца апратэставаць рашэнне кобрыньскага райсуда



Апратэставаць рашэнне кобрыньскага раённага суда збіраецца берасцейскі відэаблогер Сяргей Пятрухін. Судовы орган прымусіў яго выдаліць відэа з пляцоўкі ютуб, дзе актывіст распавёў пра канфлікт уладальніка «Гарадзец-агра» і звычайнай даяркі. «Такім чынам у краіне парушаецца права на свабоду слова, бо нам фактычна забараняюць распавядаць, як выглядае сітуацыя ў калгасах у рэаліі», — адзначыў Сяргей Пятрухін:

— Там ёсць памылкі ў самой позве і мы не можам не скарыстацца імі. Мы хочам зрабіць розгалас. Гэты фільм хочуць пастановай суда выдаліць з ютуба. Мы зробім хітрык, той фільм выдалім, але зробім іншы, дзе вельмі файна патлумачым, што робіцца ў калгасах, як там зневажаюць сялян, не выплачваючы ім заробкі. Усё гэта мы вельмі проста хочам раскласці перад судом.

Паводле відэаблогера, да такіх справаў варта прыцягваюць увагу СМІ і даваць ім максімальны розгалас, каб вінаватых прыцягваць да адказнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце