Сяргей Пятрухін знаходзіцца ў Берасцейскім ІЧУ
Блогер Сяргей Пятрухін, затрыманы 6 мая ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна (Менская вобласць), знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін, у ІЧУ яму заявілі, што ў дачыненні да Пятрухіна складзены адміністрацыйны пратакол, але не сказалі, па якім артыкуле.
«Па стане на 15.30 7 мая Пятрухіна ў суд не даставілі. Да суда па адміністрацыйнай справе грамадзянін можа знаходзіцца ў ІЧУ не больш за тры дні», – адзначыў Вялічкін.
Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў у сваім праекце «Народны рэпарцёр» на YouTube асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода, супраць якога пратэстуюць прадстаўнікі грамадскасці. Блогераў неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
18 красавіка 2019 года суд Ленінскага раёна Берасця прызнаў Пятрухіна вінаватым па ч. 2 арт. 188 КК (паклёп) і ч. 2 арт. 189 КК (абраза) і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 360 базавых велічынь (9.180 рублёў). З яго таксама было спагнана на карысць чатырох супрацоўнікаў міліцыі 7.500 рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
Блогера абвінавачвалі ў тым, што 23 сакавіка 2018 года ён зняў відэаролік у будынку суда Ленінскага раёна Берасця, у якім утрымлівалася інфармацыя аб участковым інспектары Ленінскага РАУС Сяргеі Ігнацюку, якая «не адпавядае рэчаіснасці, істотна прымяншае яго гонар і годнасць, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадскай думкі». Відэаролік быў размешчаны на YouTube.
Таксама Пятрухіна абвінавачвалі ў тым, што 3 красавіка 2018 года ён размясціў на сваёй старонцы ва «УКантакце» каментар, «які ўтрымлівае пагардлівыя, прыніжальныя, негатыўна-ацэначныя выказванні, што не адпавядаюць нормам маўленчых зносін па форме, да відэароліка »Цудоўная чацвёрка_3. Насаты. Фінал«. Тым самым, палічыла абвінавачанне, блогер наўмысна прынізіў гонар і годнасць чатырох супрацоўнікаў Ленінскага РАУС і прычыніў ім маральную шкоду.
Пятрухін не прызнаў віны і назваў гэты працэс заказным і палітычным, а таксама расправай над свабодай слова.
6 мая пад Магілёвам быў затрыманы відэаблогер Сяргей Ціханоўскі. Яго адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў абласным цэнтры, а затым у Гомель. 7 мая стала вядома, што Ціханоўскі, верагодна, будзе адбываць 15 сутак арышту за акцыі ў падтрымку незалежнасці ў снежні мінулага года, якія праходзілі ў Менску. Тады ён двойчы арыштоўваўся на 15 сутак, але адбыў толькі адзін тэрмін, пасля чаго быў нечакана адпушчаны на волю.
Вечарам 6 мая ў Менску каля гандлёвага цэнтра MILE на Даўгінаўскім тракце байцы АМАПа і міліцыянеры ў цывільным затрымалі як мінімум 19 чалавек. Яны мелі намер сфармаваць калону для аўтапрабегу па МКАД у падтрымку Ціханоўскага. Пазней жонка аднаго з затрыманых, Міраслава Мацкевіча, паведаміла, што 14 затрыманых адвезлі ва УУС Цэнтральнага раёна сталіцы, яшчэ пяць – ва УУС Першамайскага раёна. Затрыманнем кіраваў палкоўнік міліцыі. У дачыненні да ўсіх затрыманых склалі пратаколы па арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) або 23.4 КоАП (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі), пасля чаго вызвалілі.