Сяргей Скрабец не можа працаўладкавацца
Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец распавёў, чаму па-ранейшаму застаецца без працы.
Нагадаем, у свой час былы генеральны дырэктар ЗАТ “Белбабаеўскае”, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец быў адпраўлены за краты за быццам бы нанесены дзяржаве матэрыяльны ўрон. У 2006 годзе ён выйшаў на волю і з таго часу з пераменнным поспехам спрабаваў уладкавацца на працу.
Судовыя выканаўцы спрабавалі хоць неяк кампенсаваць нанесеныя страты, але, нягледзячы на ўсе высілкі, пазыку ў поўным аб’ёме спагнаць не ўдалося.
Сяргей Скрабец: Не так даўно ў Менску хацеў уладкавацца спачатку вахцёрам у інтэрнат. Прайшоў медкамісію, сустракаўся з рэктарам Менскага электратэхнікума. Кажу: “Маю дзве вышэйшыя адукацыі”. Спачатку я прайшоў адбор, але затым усё-такі атрымаў адмову. Відаць, пабаяліся, што студэнтаў не таму навучу.
Затым быў варыянт уладкавацца кладаўшчыком на Менскі халадзільны камбінат, але таксама не прайшоў “конкурс”. Там наогул мне сказалі, што людзі з вышэйшай адукацыяй не патрэбны, бо разумныя часцей скаргі пішуць. Адным словам, пакуль знаходжуся ў творчым пошуку.
РР: Колькі яшчэ павінны дзяржаве?
Сяргей Скрабец: Каля 170 тысяч рублёў. З банка тэлефануюць, цікавяцца, калі ўладкуюся на працу. Я ім сказаў, што гатовы да іх пайсці на працу, калі возьмуць, але такая прапанова іх не зацікавіла.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя