Сяргей Скрабец: Не ведаю, чым кіравалася Еўропа
Былы палітвязень, Сяргей Скрабец, пракаментаваў прыпыненне на 4 месяцы еўрапейскіх санкцыяў у адносінах да Беларусі.
— Я лічу, што нельга было замарожваць санкцыі, таму што не выкананы ўсе ўмовы Еўразвязу, якія ставіліся перад беларускімі ўладамі. Добра, натуральна, што выпусцілі на волю палітвязняў, але ж не адбылося ні іх рэабілітацыі, ні аднаўлення ў правах. Ні тых палітзняволеных, што зараз выйшлі, ні ранейшых. Я, напрыклад, да гэтага часу не магу ўладкавацца на працу. Да таго ж, выбары былі непразрыстымі, практычна адсутнічала палітычная канкурэнцыя. Еўропа на ўсё гэта заплюшчыла вочы, я не ведаю, якія матывамі там кіраваліся.
РР: Прадстаўнікі ўлады кажуць, што адмена санкцыяў — гэта, ў першую чаргу, палёгка для саміх беларусаў.
— Санкцыі прымяняліся не да беларусаў, а да чыноўнікаў, якія асабліва «вызначыліся». Беларускі народ, як ездзіў у Еўропу, так і цяпер туды ездзіць. Калі б Еўразвяз вырашыў для беларусаў пытанне з візамі — гэта была б палёгка і крок насустрач беларускаму народу. А то, мігранты з Афрыкі трапляюць у Еўропу без усялякіх візаў, а мы – краіна ў цэнтры Еўропы — стаім у чэргах у пасольствы і на мяжы. Адным словам, з тых хто ўціскае грамадзянскую супольнасць, знялі абмежаванні, а беларускаму народу, пакуль, нічога не далі.
РР: Кажуць, што Еўропа выдала беларускім уладам своеасаблівы аванс. Ці апраўдаюцца чаканні еўрапейцаў?
— Я не ведаю, як будуць далей развівацца падзеі, але сёння выпусцілі з турмы Статкевіча, а заўтра могуць пасадзіць іншых. Я не выключаю з’яўлення новых палітвязняў ужо ў самы бліжэйшы час.
Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя