Сяргей Спарыш пракаментаваў скандальны допіс
„Беларускае грамадства хворае на стакгольмскі сіндром”, – так каментуе рэакцыю абураных інтэрнаўтаў на свой скандальны допіс пра забітага інспектара ДАІ генеральны сакратар незарэгістраванай партыі „Народная Грамада” Сяргей Спарыш.
Палітык падкрэслівае, што ў сваім паведамленні ў Фэйсбуку ён не ўказваў імя пацярпелага:
– Гэта была іронія з нагоды даволі шырокага абмеркавання смерці аднаго чалавека. У прынцыпе там у пасце яго імя не згадваецца. Вы ведаеце, у нашым грамадстве ёсць вялікая праблема з так званым стакгольмскім сіндромам. Калі людзі пачынаюць сваіх прыгнятальнікаў любіць, шкадаваць і г.д. Зразумела, што гэты канкрэтны чалавек, якога я не прыгадаў, магчыма не з’яўляецца злачынцам. Але па прычыне таго, што ў нас даволі шырокі досвед дачыненняў з гэтымі людзьмі, там шчырыя надоўга не затрымліваюцца.
Сяргей Спарыш саркастычна адрэагаваў на паведамленне пра забойства магілёўскага інспектара ДАІ паведамленнем у Фэйсбуку. Многія беларускія блогеры і журналісты адпісаліся ад яго, а ў некаторых выданнях з’явіліся крытычныя зацемкі пра гэты ўчынак апазіцыянера. Праз нейкі час Сяргей Спарыш выдаліў допіс.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель