Сяргей Ціханоўскі правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання месяц
Гомельскі відэаблогер Сяргей Ціханоўскі правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання месяц.
Дадатковыя 15 сутак за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй яму прысудзілі ў Савецкім раённым судзе, куды яго прывезлі прама з арыштанцкае камеры. Прысуд за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі абвясціў суддзя Аляксандр Мохараў.
Праваабаронца Леанід Судаленка заўважае, што праваахоўныя структуры заўжды аказваюць жорсткі ціск на новых людзей у апазіцыйным руху.
– Ён дастаткова новы чалавек на такіх пратэстных акцыях у падтрымку незалежнасці. Таму ўлада, напэўна, вырашыла паказаць яму хто ў хаце пакуль гаспадар. З такімі жорсткімі, максімальнымі прысудамі проста, я кажу, ламаюць. Калі казаць пра правы чалавека, то кожны мае права выказваць свае меркаванні падчас мірных акцыяў.
Палітык Васіль Палякоў, які прыйшоў у суд падтрымаць стваральніка ютуб-канала “Краіна для жыцця”, гаворыць, што ўстаноўка на пераслед удзельнікаў антыінтэграцыйных акцый сыходзіць з самага верху.
– Зараз улады хочуць запалохаць грамадства, запалохаць блогераў. Таму яны выносяць такія пакаранні. Знешне ўсё выглядала быццам бы адбываецца суд. Але прысуд быў падрыхтаваны загадзя. Таму казаць пра суд можна вельмі ўмоўна.
Сяргей Ціханоўскі – гомельскі прадпрымальнік і відэаблогер. За параўнальна кароткі час ён дабіўся вядомасці, ствараючы рэзанансныя ролікі на сацыяльныя і палітычныя тэмы. Падчас прамінулых парламенцкіх выбараў ён быў арганізатарам самай масавай сустрэчы незадаволеных уладамі грамадзянаў ў Гомелі, на якую прыйшло каля 300 чалавек. Відэаблогера затрымалі 27 снежня па дарозе ў Менск, куды ён накіроўваўся, каб асвятляць чарговую акцыю пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расеяй.
Беларускае Радыё Рацыя