Сяргей Вакуленка аспрэчвае сваё звальненне ў судзе Маскоўскага раёна Берасця



У судзе Маскоўскага раёна Берасця адбылося судовае паседжанне аб устанаўленні факта дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін на прадпрыемстве «Дэльфа-Буг» па іску былога работніка прадпрыемства Сяргея Вакуленкі.

Сяргей Вакуленка 31 ліпеня быў звольнены без тлумачэння прычын за два гады да атрымання пенсіі. Беспадстаўнае звальненне актывіст лічыць помстай за яго прынцыповую пазіцыю ў сферы абароны працоўных правоў. Пратэстуючы супраць незаконнага звальнення, ён пайшоў на адчайны крок – галадоўку, кажа Сяргей Вакуленка:

– Я расказаў, дзея я працаваў, як працаваў. Акрамя таго, наймальнік, намеснік дырэктара Патапчук Ігар Антонавіч сказаў, што за перыяд працы на прадпрыемстве да дысцыплінарнай адказнасці не прыцягваўся, адзначаўся прэміямі, працуе, як працуюць і ўсе. То бок, негатыву не было.

Суддзя Таццяна Рэвуцкая задаволіла хадайніцтвы аб выкліку сведкаў і прадастаўленні патрэбных для разгляду справы папер. Яна спачувальна аднеслася да фізічнага стану Вакуленкі і прапанавала яму адказваць седзячы. Другое паседжанне суда пройдзе 12 жніўня ў 11 гадзін.

Беларускае Радыё Рацыя