Сяргей Вазняк: Справа з затрыманнем баевікоў шыта белымі ніткамі
Па меркаванню кіраўніка штабу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева і былога вайскоўца, справа з затрыманнем баевікоў з прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнер” шыта белымі ніткамі.
Зразумела, што гэтыя „вагнераўцы” былі тут транзітам і проста падвярнуліся пад руку, лічыць Сяргей Вазняк:
– Я думаю, што калі нашы спецслужбы думалі, як штосьці такое прыдумаць, то як раз ім гэтыя хлопцы і падвярнуліся, якіх можна ўзяць. Хлопцаў гэтых зусім не шкада, бо гэта наёмнікі, гэта бандыты, якія здзяйсняюць злачынствы на тэрыторыі іншых краінаў, умешваюцца ў справы забіваючы людзей. Дакладна ў іх справы не ўваходзіла забіваць кагосьці тут у Беларусы, узрываць. Жылі абсалютна легальна, зразумела, што нашы спецслужбы ўсё пра гэта ведалі.
Гэта будзе выкарыстана для нагнятання абстаноўкі, запалохвання выбаршчыкаў і кандыдатаў. І магчыма, каб ускласці на кандыдатаў адказнасць за магчымыя інцыдэнты. Гэта некалькі нагадвае прэзідэнцкія выбары ў 2010 годзе, – лічыць Сяргей Вазняк. Таксама палітык кажа, што інцыдэнт істотна не паўплывае на адносіны Беларусі і Расеі.
„Па першае, Лукашэнка „таптаўся” па расейскіх уладах ужо і раней і нашмат сур’ёзней. Па-другое, фармальна гэта кампанія „Вагнер” прыватная. Да таго ж, усіх павінны хутка вызваліць. Таму негатыўных наступстваў, нягледзячы на ўсю пагрозлівую рыторыку, для адносінаў Беларусі і Расеі не будзе. Так, дробны інцыдэнт для ўнутранага карыстання, — лічыць Сяргей Вазняк.
Беларускае Радыё Рацыя