Сяргей Верамеенка: Гэтыя 5 сутак – палітычны заказ



Грамадскаму актывісту Сяргею Верамеенку суддзя Кастрычніцкага суда Гародні Алена Тоўсцік-Самойла “прызначыла” сваім рашэннем пяць сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 за акцыю, якая адбылася ажно 19 жніўня каля тытунёвай фабрыкі.

Актывіст не згодны з такім рашэннем суддзі:

– Абсалютна палітычна матываванае рашэнне суда. На той падставе, што няма ніякіх доказаў, якія б сведчылі пра маю віну. У пратаколе сведкі так званыя, тыя ж самыя міліцыянты, пазначылі, што нібыта Верамеенка Сяргей Мікалаевіч удзельнічаў у акцыі пратэсту. Але я ў сведкі пытаюся: ці памятае ён, як я быў апрануты, быў я ў масцы ці без? Ён не памятае. А калі чалавек мяне пазнаў, гэта азначае, што я быў без маскі.

Падтрымаць Сяргея Верамеенку прыйшлі ў суд і актывісты іншых партый. Кажа сябра АГП Ежы Грыгенча:

– Суд не аб’ектыўны, бо базуецца на пісьмовых сведчаннях міліцыянтаў, якія нават не памятаюць, як ён быў апрануты. І даюць яму 5 сутак. Я думаю, яго “падвесілі”, каб перад любой буйной акцыяй чалавека проста забраць.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Абсалютнае прававое бязмежжа, якое цягнецца ў Беларусі апошнія гады. І сёння гэта ягоная праява. Гэтыя 5 сутак, прысуджаныя Верамеенку, не грунтуюцца на матэрыялах справы. Паказанні сведкаў супярэчлівыя. Таму гэта абсалютна незаконнае рашэнне.

Па словах Сяргея Верамеенкі, ён будзе абскарджваць рашэнне Кастрычніцкага суда Гародні, а забраць на “суткі” яго могуць у любы момант, нават тады, калі ён выйдзе ў краму, ці на працу.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча