Сяргей Верамеенка пакараны штрафам за ўдзел у Свіслацкім фэсце



Суддзя Свіслацкага раённага суда Жана Салагубік прадоўжыла судовую эпапею з удзелам грамадскіх актывістаў, якія прысутнічалі на сёлетнім Свіслацкім фэсце ў гонар паўстанцаў 1863 года, прысудзіўшы 15 базавых адзінак гарадзенцу Сяргею Верамеенку.

Суд палічыў адзначэнне 155-х угодкаў нацыянальна-вызвольнага паўстання не вартым уганаравання беларусамі. Сам Сяргей на суд не паехаў, разумеючы бессэнсоўнасць свайго ўдзелу.

– Як прымаюць яны рашэнні, я не разумею. Чым яны кіруюцца? Напрыклад, Ежы Грыгенчу, які ішоў побач са мной, практычна ўвесь час мы знаходзіліся побач, прысудзілі 20 базавых, мне – 15. Чым яны кіруюцца, прымаючы такія рашэнні, нават калі яны лічаць, што мы вінаватыя? Можа ён больш намахаў сцягам? І пісаць у пратаколе, што мая віна ў тым, што я знаходзіўся на могілках беларускіх герояў з бел-чырвона-белым сцягам, – гэта поўны абсурд.

Яшчэ чакаюць некалькі касацыйных скаргаў ад несправядліва аштрафаваных грамадзян Беларусі па гэтай справе, якія павінен разгледзець Гарадзенскі абласны суд. Праваабаронцы лічаць гэтыя прысуды  актам дыскрымінацыі паводле нацыянальнай прыкметы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня