Сяргей Зікрацкі: Адвакат у любой сітуацыі павінен абараняць свайго кліента
Сённяшні госць Радыё Рацыя Сяргей Зікрацкі – прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях.
РР: Па-першае, хацей бы ад вас пачуць словы, якія маглі б ахарактарызаваць сённяшні стан адвакатуры ў Беларусі, бо, відавочна, што лепшыя адвакаты або з’ехалі з Беларусі, як вы, а хто не з’ехаў, многія пазбаўлены ліцензій. Хто ўвогуле застаўся ў Беларусі з прафесійных юрыстаў, якія займаюцца палітычнымі справамі?
Сяргей Зікрацкі: Ведаеце, я б зараз не называў прозвішчы добрых адвакатаў, якія засталіся ў Беларусі з ліцензіямі, таму што гэта можа быць маркерам і знакам таго, што яны будуць наступныя, каго пазбавяць ліцензій. На жаль, прэсінг і рэпрэсіі адносна адвакатаў працягваецца. Яшчэ засталіся адвакаты, якія добрыя, якія сумленныя, якія абараняюць, але, на жаль, гэтых адвакатаў становіцца ўсё меней і меней, і я па сабе адчуваю, што становіцца ўжо складаней знайсці адваката для сваіх кліентаў. Таму што, калі да мяне звяртаюцца па дапамогу знайсці адваката, раней гэта было не так складана, зараз гэта ўжо з кожным разам усё складаней.
РР: Ну галоўнае, што яны ёсць, хоць у нейкай колькасці. Да падзеяў жніўня 2020 года, наколькі я ведаю, вы спецыялізаваліся больш у юрыдычнай дапамозе бізнесу, ІТ-кампаніям, і вось менавіта з 2020-га вы адзначыліся ў працэсах па «Нашай Ніве», па тут.бай, абаранялі журналістку Белсата Кацярыну Андрэеву, былі адным з абаронцаў вашага калегі Максіма Знака. Які вы досвед атрымалі ад гэтых спраў, з якімі, мажліва, вы раней не сутыкаліся?
Сяргей Зікрацкі: Тут скаладана казаць пра досвед, таму што той досвед, які я атрымаў – гэта тое, што ў краіне існуе прававы дэфолт і законы не выконваюцца. І ўсе тыя асобы, якіх вы называлі, я абсалютна ўпэўнены ў іх невінаватасці. Аднак крымінальныя справы заведзены, і ў адносінах Кацярыны Андрэеваў ужо вынесены прысуд. Таму для мяне 2020 – 2021 – гэта гады такога балючага шоку, адчування, што закон не працуе. І адчуванне таго, што ты фактычна нічога не можаш зрабіць у такой сітуацыі як адвакат. Аднак, нягледзячы на тое, што юрыдычна мы нічога фактычна не маглі зрабіць, дакладней, мы рабілі, але гэта не ўплывала на прысуд, і тое што мы маглі рабіць – гэта даносіць свайму кліенту, і суду, і самому грамадству абсалютную незаконнасць тых прысудаў і ўсяго крымінальнага працэсу, які існуе. На мой погляд, гэта даволі істотная справа, якую мы рабілі. Я тут заўсёды ўзгадваю тое, што казаў Дзмітрый Лаеўскі, ён казаў гэта ад самага пачатку, і зараз ён кажа пра гэта ў сваіх інтэрв’ю, што адвакат мусіць выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для абароны свайго кліента. І ў сітуацыі, калі юрыдычныя механізмы не працуюць, ён усё роўна мусіць выкарыстоўваць іншыя сродкі – у тым ліку апублічваць сітуацыі, апублічваць тыя неправавыя меры, якія прадпрымаюцца праваахоўчымі і следчымі органамі. Гэта па сутнасці з’яўляецца абавязкам адвактаў у такой сітуацыі.
Цалкам размова:
Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя