Сяргей Зікрацкі: Прафесійных адвакатаў з ліцэнзіямі ўсё меней



У Беларусі яшчэ засталіся прафесійныя адвакаты з ліцэнзіямі, але іх усё меней і меней. Гэта канстатуе прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі, які сёлета пасля ўдзелу ў палітычных судовых працэсах быў пазбаўлены ліцэнзіі і ад пачатку траўня знаходзіцца ў Вільні.

У прыватнасці Зікрацкі абараняў „Нашу Ніву”, TUT.BY, супрацоўнікаў „Белсату” і Прэс-клубу:

– Той досвед, які я атрымаў, гэта тое, што ў краіне існуе прававы дэфолт і законы не выконваюцца. Для мяне 2020-2021 – гэта гады балючага шоку і адчування, што закон не працуе. Адчуванне таго, што ты нічога не можаш зрабіць у такой сітуацыі, як адвакат.

„Тое, што мы маглі рабіць, гэта даносіць і свайму кліенту, і суду, і ўсяму грамадству абсалютную незаконнасць тых прысудаў і крымінальнага працэсу”, – кажа Сяргей Зікрацкі. 2020 год навучыў выкарыстоўваць не толькі юрыдычныя механізмы для абароны кліентаў.

РР: Ці магчымы ў перспектыве „Беларускі Нюрнберг”? 

– Мы глядзім за гэтымі прысудамі і бачым, што ў незалежнасці ад таго ці сведчыў нехта супраць сябе, ці не сведчыў, ці даваў ён паказанні супраць іншых, ці не даваў, часцей за ўсё прысуды будуць абсалютна аднолькавыя. Справа студэнтаў гэта яскрава паказала.

Сяргей Зікрацкі перакананы, што пасля змены ўлады ў Беларусі, усе прадстаўнікі цяперашняга рэжыму, вінаватыя ў злачынствах, будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Беларускае Радыё Рацыя