Сяргея Гоўшу выклікаюць у міліцыю



Праваабаронцу Сяргея Гоўшу выклікаюць у баранавіцкую міліцыю па справе незалежнага прафсаюза РЭП. Двойчы яго выклікалі па тэлефоне. І толькі на другі раз ён пагадзіўся на сустрэчу пры ўмове, што выпішуць на месцы позву. Позву выпісалі. Праваабаронца пажадаў весці размову па-беларуску, але супрацоўнік аддзела крымінальнага вышуку Ігар Саланевіч не змог гэтага зрабіць.

Кажа Сяргей Гоўша:

Адразу я спытаў спадара следчага: «Скажыце, калі ласка, вы беларус?» – «Так». – «А вы валодаеце беларускай мовай?» – «Кепска». – «Як жа нам быць? Я размаўляю толькі па-беларуску». – «А вы рускай не ведаеце?» – «Не». – «Дык вам перакладчык патрэбны». А я адказаў, што не мне, а ім перакладчык патрэбны. Чаму яны не валодаюць двума мовамі? Усе кіраўнікі павінны валодаць двума мовамі.

Дарэчы, праваабаронца патрабаваў не толькі, каб з ім размаўлялі па-беларуску, але каб на роднай мове былі аформленыя і дакументы.

У выніку міліцыянт выпісаў яму чарговую позву на панядзелак, 29 студзеня.

Беларускае Радыё Рацыя