Сяргея Пятрухіна прымусілі прайсці судова-псіхіятрычную экспертызу
Каля паўтары гадзіны доўжылася судова-псіхіятрычная экспертыза ў адносінах да берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна. Даставілі Сяргея на яе прымусова ў межах крымінальнай справы па фактах „Паклёпу” і „Абразы”.
Падрабязней кажа сам блогер:
– Там усё было добра. Задалі пытанні пра маё асабістае жыццё: хто я, што я, калі я нарадзіўся, калі ажаніўся, дзе вучыўся. Ну, і пасля прайшоў нейкія тэсты, сэнс якіх я дакладна не ведаю. Нейкія каляровыя рэчы, запамінаць нейкія словы. Анкета была даволі доўгая, якая накіравана, як я думаю, на даследаванне псіхічнае чалавека.
Крымінальную справу ў адносінах да Сяргея Пятрухіна завялі з нагоды заяваў некаторых супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС Берасця. Усе яны неаднаразова былі фігурантамі відэаролікаў, прысвечаных супрацьзаконным дзеянням міліцыі ў сітуацыі вакол будаўніцтва акумулятарнага завода і іншых эпізодаў. Справай займаецца следчы Андранік Хачатран.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
