Сяргея Пятрухіна прызналі вінаватым па крымінальнай справе
Спагнанняў агулам на 16320 беларускіх рублёў замест „адсідкі”.
Скончыўся крымінальным працэс над берасцейскім блогерам Сяргеем Пятрухіным, якога прызналі вінаватым у „абразе” і „паклёпе” ў адносінах да міліцыянтаў. Нягледзячы на тое, што пракурор запрашаў два гады абмежавання волі, суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук спыніўся на штрафе:
– Гэта вельмі трывожны сігнал усім тым, хто мае сваё меркаванне і хоча яго выказваць. Таму што на маём прыкладзе ўлады хочуць паказаць усім людзям краіны, што яны могуць зрабіць з намі ўсё што заўгодна – асудзіць па любым артыкуле, пакараць. Гэта такі выклік, што яны гэта робяць з публічным чалавекам. А што яны могуць зрабіць з простымі людзьмі. Гэта вельмі страшна.
„У прыбытак дзяржавы ў выглядзе штрафу Пятрухіну прысудзілі 360 базавых велічыняў па абодвум эпізодам, а гэта 8820 беларускіх рублёў. Акрамя таго, у межах грамадзянскіх пазоваў міліцыянтаў, блогеру трэба сплаціць яшчэ 7500 беларускіх рублёў агулам у іх кішэні. Таксама ў дадатак трэба пакрыць судовыя выдаткі”, – падсумаваў праваабаронца Раман Кісляк. Праваабаронцы лічуць прысуд супрацьзаконным і дапамогуць блогеру яго абскардзіць.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.
***
Раніцай 18 красавіка суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Аляксандр Семянчук вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч. 2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічыняў (9180 рублёў, або 4590 даляраў). Таксама Пятрухіна абавязалі выплаціць маральную шкоду пацярпелым міліцыянтам 5770 рублёў, або 2885 даляраў. У сукупнасці паводле прысуду блогер абавязаны выплаціць 7 475 даляраў.
Таксама паведамляецца, што пакуль пакінулі падпіску аб нявыездзе і арышт на маёмасць.
Нагадаем, пракурор 15 красавіка прасіў суддзю назначыць яму пакаранне па сукупнасці — абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хімія”) і штраф памерам 100 базавых.
Паводле spring96.org